ВАЛЫ́НЦАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 7—8 ст. у бас. р. Дзясна і Сейм. Назва ад в. Валынцава Сумскай вобл. (Украіна). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на гарадзішчах і селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай і слупавой канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка, пахаванні бескурганныя, урнавыя. Кераміка ў асноўным ляпная, ганчарнай менш за 10%. Сярод знаходак жал. нажы, шылы, касцяныя праколкі, жал. і бронзавыя спражкі, зброя і інш. Большасць даследчыкаў лічыць валынцаўскую культуру славянскай са значным іншакультурным уплывам, што сведчыць пра этн. неаднароднасць яе насельніцтва.
А.В.Іоў.
т. 3, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)